Type a search term to find related articles by LIMS subject matter experts gathered from the most trusted and dynamic collaboration tools in the laboratory informatics industry.
Заходні край, або заходнія губерні (руск.: Западный край, або западные губернии; польск.: Kraj Zachodni) — размоўная, публіцыстычная і афіцыйна-бюракратычная назва васьмі-дзесяці губерняў Расійскай імперыі (Віленская, Ковенская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская, Віцебская, Кіеўская, Валынская, Падольская і Холмская губерні), якая пачала стала ўжывацца пасля падаўлення Лістападаўскага паўстання (1830—1831) аж да падзення расійскага самадзяржаўя ў лютым 1917 г. — для абазначэння зямель, атрыманых Расійскай імперыяй у ходзе падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795).
Першапачаткова тэрмін быў уведзены расійскім урадам як жаданне паказаць дынастычна «рускі», а не «польскі» характар гэтых зямель былой федэрацыйнай польска-літоўскай Рэчы Паспалітай (якая размоўна менавалася проста як «Польшча»).
Як асобная адміністрацыйна-тэрытарыяльная структура Заходні край ніколі не існаваў, а вызначаўся спецыфікай кіравання і рэжымам законаў — галоўным чынам дыскрымінацыйнага характару ў адносінах да многіх катэгорый мясцовага насельніцтва (у параўнанні з іншымі часткамі Расійскай імперыі).
Першапачаткова тэрмінам «Заходні край» сукупна называлі восем губерняў (Літоўска-Віленская, Літоўска-Гродзенская, Мінская, Беларуска-Віцебская, Беларуска-Магілёўская, Кіеўская, Валынская і Падольская губерні), якія (па стану на сярэдзіну 1830-х гг.) уваходзілі ў склад трох генерал-губернатарстваў — Віленскага ваеннага генерал-губернатарства, Кіеўскага ваеннага генерал-губернатарства і Віцебскага генерал-губернатарства. У 1842 г. шляхам вылучэння са складу Віленскай губерні некаторых яе паветаў была створана дзявятая губерня Заходняга края — Ковенская губерня. У 1912 г. шляхам вылучэння са складу Люблінскай губерні асобных паветаў з пераважна ўкраінскамоўным сялянскім насельніцтвам была створана Холмская губерня, якая была вылучана з-пад улады варшаўскага генерал-губернатара і перайшла пад прамое кіраўніцтва міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі, а з 1915 г. — пад фармальную ўладу кіеўскага генерал-губернатара. Холмская губерня таксама пачала адносіцца да Заходняга края.
З пачатку 1840-х гг. пасля скасавання ў Расійскай імперыі ўніяцтва (1839), што ўспрымалася афіцыйнымі расійскімі ўладамі як духоўнае і этнічнае «вяртанне» Расійскай імперыяй насельніцтва «спрадвечна рускіх зямель»[1], заходнія губерні («Заходні край») у афіцыйнай ідэалогіі былі аб'яўлены «Заходняй Руссю» («Заходняй Расіяй», «Заходне-рускім краем»), «вернутымі ад Польшчы старажытнымі вобласцямі», бо гэтай назвай хацелася падкрэсліць яшчэ і этнаканфесійна «рускі» характар гэтых зямель. Па гэтай прычыне Віленскае ваеннае генерал-губернатарства атрымала паралельную назву Паўночна-Заходні край (і ідэалагічнае значэнне «Паўночна-Заходняя Русь, «Паўночна-Заходняя Расія»), а Кіеўскае ваеннае генерал-губернатарства — Паўднёва-Заходні край (і ідэалагічнае значэнне «Паўднёва-Заходняя Русь», «Паўднёва-Заходняя Расіія»)[2]. Віцебскае генерал-губернатарства працягвала паралельна менавацца як «беларускія губерні», «Беларускі край» ці «Беларусія».
Пасля пераводу ў 1863 г. (з-за пачатку паўстання 1863—1864 гадоў) Віцебскай і Магілёўскай губерняў пад уладу віленскага ваеннага генерал-губернатара тэрмін «паўночна-заходнія губерні» пачаў распаўсюджвацца і на гэтыя («беларускія») губерні. Пасля выхаду з-пад улады віленскага генерал-губернатара ў 1869 г. Магілёўскай і Віцебскай губерняў, а ў 1870 г. — і Мінскай губерні, шэсць літоўска-беларускіх губерняў (Ковенская, Віленская, Гродзенская, Мінская, Віцебская і Магілёўская губерні) працягвалі размоўна і публіцыстычна адносіцца да «паўночна-заходніх» (і адпаведна — да «заходніх губерняў»), а ўсе шэсць губерняў па ідэалагічных матывах захавалі сукупную назву «Паўночна-Заходні край» аж да падзення расійскага самадзяржаўя ў лютым 1917 г..
З пачатку 1840-х гг. часта «Паўночна-Заходні край» (г.зн. Віленскае ваеннае генерал-губернатарства) называўся як «Заходні край» («заходнія губерні»), хоць тэрмін «Заходні край» («заходнія губерні») ужываўся паралельна для абазначэння ўсіх дзевяці «заходніх губерняў» (Валынскай, Падольскай, Кіеўскай, Ковенскай, Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў).
Мясцовае каталіцкае і польскамоўнае дваранства Заходняга края, якое было генетычна нашчадкамі шляхты Рэчы Паспалітай і пераемнікамі яе культуры і традыцый, называла ў сваім асяроддзі гэтыя «заходнія губерні» як «Літва і Русь», карыстаючыся геаграфічнай і тапанімічнай тэрміналогіяй часоў Рэчы Паспалітай. У асяроддзі мясцовай шляхты таксама ўзнік і тэрмін «ziemie zabrane» («захопленыя землі»)[3], які меў сентыментальную і высокаэмацыянальную афарбоўку незадаволенасці існуючым становішчам, бо расійская ўлада цвёрда лічыла «заходнія губерні» «заходне-рускімі» і не жадала ні ў якім разе ўключаць («аддаваць») у склад супольнай аўтаноміі з польскімі землямі (Царствам Польскім), што нейкім чынам нагадвала б вобраз былой Рэчы Паспалітай. Да «захопленых зямель» адносілася таксама і Курляндыя — Курляндская губерня Расійскай імперыі.