Knowledge Base Wiki

Search for LIMS content across all our Wiki Knowledge Bases.

Type a search term to find related articles by LIMS subject matter experts gathered from the most trusted and dynamic collaboration tools in the laboratory informatics industry.

Правіць спасылкі
Рэспубліка Бурундзі
фр.: République du Burundi
рундзі: Republika y'u Burundi
Герб Бурундзі
Сцяг Бурундзі Герб Бурундзі
Дэвіз: «Unité, Travail, Progrès
Ubumwe, Ibikorwa, Iterambere
(Адзінства, праца, прагрэс)»
Гімн: «Burundi bwacu (Любімая Бурундзі)»
Дата незалежнасці 1 ліпеня 1962 (ад Бельгіі)
Афіцыйная мова рундзі і французская
Сталіца Гітэга
Найбуйнейшыя гарады Бужумбура, Гітэга
Форма кіравання Рэспубліка
Прэзідэнт
Віцэ-прэзідэнт
Віцэ-прэзідэнт
Эварыст Ндаішыміе
Тэранс Сінунгуруза
Джэрвэйс Руф’ікіры
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
145-я ў свеце
27 830 км²
7,8%
Насельніцтва
• Ацэнка (2020)
Шчыльнасць

11 865 821[1] чал. (77-я)
426 чал./км²  (20-я)
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2020)
  • На душу насельніцтва

$8,5 млрд. дал.[1]
$724
ВУП (намінал)
  • Разам (2020)
  • На душу насельніцтва

$3,7 млрд дал.
$312
ІРЧП (2018) 0.423 (нізкі)[2] (185-ы)
Валюта Бурундзійскі франк
Інтэрнэт-дамен .bi
Код ISO (Alpha-2) BI
Код ISO (Alpha-3) BDI
Код МАК BDI
Тэлефонны код +257
Часавыя паясы +2

Буру́ндзі (фр.: Burundi, рундзі: Burundi), Рэспу́бліка Буру́ндзі (фр.: République du Burundi, рундзі: Republika y'u Burundi) — дзяржава размешчаная ў цэнтральнай частцы Усходняй Афрыкі ў раёне Вялікіх Азёр. Не мае выхаду да мора. Тэрыторыя — 27,8 тыс. км² — за Бурундзі меншыя па плошчы толькі чатыры краіны мацерыковай Афрыкі. Насельніцтва — 11,8 млн чал. (2020). Мяжуе з Руандай на поўначы, з Танзаніяй на ўсходзе і паўднёвым усходзе, з Дэмакратычнай Рэспублікай Конга на захадзе; на паўднёвым усходзе абмываецца возерам Танганьіка. Клімат — субэкватарыяльны.

Разам з Руандай і яшчэ трыма краінамі (Лесота, Эсваціні і Батсвана) Бурундзі з’яўляюцца рэдкім у Афрыцы выпадкам тэрытарыяльнага спадкаемства аўтэнтычнай дзяржавы — каралеўства Бурундзі. У пачатку ХХ стагоддзя Бурундзі ўваходзіла ў склад германскіх калоній (пад назвай Урундзі), а пасля Першай сусветнай вайны была падмандатнай тэрыторыяй Бельгіі. Незалежнасць атрымала ў 1962 годзе адначасова з Руандай. У 1966 перайшла да рэспубліканскай формы кіравання. З таго часу перажыла шэраг пераваротаў і этнічных канфлікаў, у тым ліку дзве грамадзянскія вайны і два генацыды (самы жорсткі ў 1993) ды падаўленне пратэстаў з наступнай ізаляцыяй краіны ў 2015.

Бурундзі — прэзідэнцкая рэспубліка з аўтарытарнай формай кіравання. Цягам апошніх 15 гадоў (2005—2020) краінай кіраваў П’ер Нкурунзіза, што праявіў сябе класічным дыктатарам, калі ў 2015 задушыў спробу дзяржаўнага перавароту і масавыя пратэсты, ідучы на трэці тэрмін. У 2020 годзе Нкурунзіза нечакана памёр, што вывела Бурундзі ў топ сусветных навін, бо прэзідэнт быў covid-дысідэнтам.

Сталіцамі сённяшняй Бурундзі лічацца два гарады: ад колішняй сталіцы Бужумбуры (больш за 1 млн жыхароў) адміністрацыйныя функцыі перайшлі да горада Гітэга (каля 50 тыс. жыхароў), куды цягам 2019—2022 маюць перабрацца ўсе галіны ўлады. Нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці (1 ліпеня 1962). Дзяржаўныя мовы — французская, кірундзі і англійская.

Адрозніваецца незвычайна высокай шчыльнасцю насельніцтва. У этнічным складзе насельніцтва пераважаюць хуту (85 %), другі значны народ — тутсі. Узровень урбанізацыі вельмі нізкі — станам на 2019 у гарадах жыве ўсяго 13,4 % насельніцтва.

Бурундзі адносіцца да ліку найменш развітых краін свету. ВУП на душу насельніцтва (нават разлічаны па ППЗ) не перавышае 1000 даляраў. Каля 90 % эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы. Часам здараецца, што жыхары бедных аграрных краін задаволены сваім жыццём, але гэта не пра Бурундзі: у 2018 краіна заняла апошняе месца ў сусветным рэйтынгу шчасця.[4]

Грашовая адзінка — бурундзійскі франк (каля 3000 бурундз. фр. за 1 дол. ЗША ў верасні 2020)[5]. Бурундзі з’яўляецца членам Афрыканскага Саюза. У 2009 увайшла ў склад Усходне-Афрыканскай Супольнасці, што ўзмацніла сувязі з суседзямі[6].

Геаграфія

Карта Бурундзі
Рэльеф Бурундзі

Становішча Бурундзі ва ўсходняй, найбольш прыўзнятай, частцы Афрыкі абумоўлівае пласкагорны характар рэльефу з сярэднімі вышынямі 1000—2000 метраў і значнымі іх перападамі. Самы нізкі пункт — урэз вады возера Танганьіка (773 м), найвышэйшы — 2684 м, усяго за 20 кіламетраў на ўсход, — гара Хеха ў хрыбце Бурундзі. Перапады вышынь, а разам і высокая сейсмічнасць, абавязаны праходжанню праз тэрыторыю краіны заходняй галіны Усходне-Афрыканскагіх разломаў.

Клімат Бурундзі пераходны ад экватарыяльнага (на паўночным захадзе) да субэкватарыяльнага, з двума сезонамі дажджоў: у верасні-лістападзе і лютым-маі — гэтак званыя зенітальныя дажджы, і двума сухімі сезонамі між імі. Сярэдняя колькасць ападкаў складае ад 1300 да 1600 мм. Тэмпературы не празмерна высокія дзякуючы значнай вышыні над узроўнем мора.

Савана ў Бурундзі

Нягледзячы на гідраграфічную дамінанту возера Танганьіка, што разлеглася ў рыфтавай даліне на паўднёва-ўсходняй мяжы, большая частка тэрыторыі Бурундзі адносіцца да басейна возера Вікторыя. Галоўная рака краіны — Рувубу, што пачынаецца на поўдні, цячэ на паўночны ўсход і ў рэшце рэшт далучаецца да Кагеры — прызнанага вытоку Ніла. Такім чынам, Бурундзі можа з гонарам назваць сябе калыскай вялікай афрыканскай ракі. Прынамсі, многія географы лічаць даўжыню Ніла ад вытока Руверонзы — прытока Рувубы.

Большая частка тэрыторыі Бурундзі занята саванамі з тыпова афрыканскімі флорай і фаўнай. У вобласці экватарыяльна клімату на паўночным захадзе захаваліся вільготныя лясы. Аднак завысокі антрапагенны ціск пакідае мала шанцаў слаўным насельнікам саван і гілей, як і самім гілеям. Каб захаваць хоць нейкія некранутыя ўчасткі прыроды, ў 1982 былі створаны нацыянальныя паркі Кібіра (ахоўваюцца экватарыяльныя лясы) і Рувубу (саванавая і прырэчная фаўна: нільскія кракадзілы, бегемоты, буйвалы, вадзяныя казлы.

Гісторыя

Карэннымі насельнікамі бурундзійскіх земляў лічацца тва — прадстаўнікі негрыльскай малой расы, адна з галін пігмеяў. На працягу апошніх 500 гадоў тэрыторыю Бурундзі засялілі народы земляробаў хуту і пастухоў тутсі, што лёгка скарылі тва. У ХVII-XIX стагоддзях існавала незалежнае каралеўства Бурундзі, дзе нешматлікія тутсі дамінавалі над хуту; тва займалі самую нізкую прыступку ў іерархіі. На чале дзяржавы стаяў мвамі (літаральна ўладар), якому падпарадкоўвалася племянная арыстакратыя. Каралеўства ад пачатку існавання значна пашырыла свае межы.

Сцяг Германскай Усходне-Афрыканскай кампаніі

У канцы ХІХ стагоддзя на землі вакол Вялікіх азёр паквапілася Германія. Спачатку каланіяльныя інтарэсы Германскай імперыі прадстаўляла Германская Усходне-Афрыканская кампанія, аднак ужо ў 1891 пры непасрэдным удзеле Берліна была створана калонія Германская Усходняя Афрыка, куды ўвайшлі Руанда, Урундзі (тады Бурундзі вымаўлялі менавіта так) і Танганьіка (мацерыковая частка Танзаніі). Неўзабаве, пасля паразы ў Першай сусветнай вайне, Руанда і Урундзі адышлі да Бельгіі. У 1919—1946 дзве будучыя незалежныя дзяржавы юрыдычна былі падмандатнай тэрыторыяй Бельгіі пад назвай Руанда-Урундзі, з 1946 і да заваёвы незалежнасці — падапечнай тэрыторый ААН Руанда-Урундзі пад кіраваннем усё той жа Бельгіі. 1 ліпеня 1962 на палітычнай карце свету паўстала каралеўства Бурундзі.

Плошча незалежнасці ў Бужумбуры

З 1966 года, пасля звяржэння манархіі і ўсталявання ў краіне аднапартыйнай і аўтарытарнай рэспубліканскай формы кіравання, адзначаецца вельмі нестабільнае палітычнае становішча, якое з цягам часу пагаршалася шэрагам узброеных канфліктаў на этнічнай глебе. У 1970-я і 1990-я Бурундзі перажыла дзве грамадзянскія вайны і два генацыды. Узброеная барацьба за ўладу ў Бурундзі этнічных груп хуту і тутсі (адпаведна 85 % і 14 % насельніцтва) максімальна абвастрылася ў 1993 годзе і выклікала шматгадовы палітычны і эканамічны крызіс у краіне, абрынуўшы яе да ліку найбяднейшых у свеце. 6 красавіка 1994 года прэзідэнт Бурундзі Сіпрыен Нтар’яміра разам з руандыйскім калегам загінуў у авіякатастрофе, што стала падставай для генацыду тутсі ў Руандзе і далейшай эскалацыі канфлікту ў Бурундзі.

У ліпені 1996 года да ўлады ў Бурундзі ізноў прыйшлі ваенныя на чале з маёрам П. Буёя (тутсі), які ўжо займаў пост прэзідэнта (1987—1993). Распачатыя ў чэрвені 1998 міжбурундзійскія перамовы пры пасрэдніцтве былога прэзідэнта Танзаніі Д. Ньерэрэ, а затым былога прэзідэнта ПАР Н. Мандэлы завяршыліся падпісаннем у Арушэ «Дамовы аб міры і нацыянальным прымірэнні» (28 жніўня 2000). У адпаведнасці з дасягнутымі дамоўленасцямі ў 2001 у Бурундзі пачаўся пераходны перыяд, які завяршыўся ў жніўні 2005 пасля паспяхова праведзеных рэферэндуму па прыняцці новай канстытуцыі і выбараў ва ўладныя структуры ўсіх узроўняў. 7 верасня 2006 падпісана «Дамова аб поўным спыненні агню» паміж урадам і апошнім апазіцыйным узброеным рухам Бурундзі — «Фронтам нацыянальнага вызвалення» (ФНЛ).

31 снежня 2006 года была завершаная дзейнасць адкрытай у чэрвені 2004 года Місіі ААН у Бурундзі (ОНЮБ), якая была замененая на «Аб’яднаныя прадстаўніцтвы ААН у Бурундзі» (БІНЮБ). Аднак цяпер краіну чакала выпрабаванне аўтарытарызмам. У 2015 годзе Бурундзі ахапіў чарговы палітычны крызіс, калі прэзідэнт П’ер Нкурунзіза пайшоў на трэці тэрмін. У выніку задушэння пратэстаў незадаволенай палітычным працэсам апазіцыі загінула каля 1700 чалавек, больш за 350 000 адправілася ў выгнанне.[7]

Дзяржаўны лад

П’ер Нкурунзіза. У маладосці фізрук. Трохразовы прэзідэнт Бурундзі (2005—2020). covid-дысідэнт.

У 1992 была прынята першая дэмакратычная Канстытуцыя. У 1998 былі прыняты некаторыя змены — пашырана колькасць месцаў у параменце, уведзены пасады віцэ-прэзідэнтаў. На рэферэндуме 2005 была прынята новая Канстытуцыя, згодна з якой Бурундзі з’яўляецца дэмакратычнай прэзідэнцкай рэспублікай са шматпартыйнай сістэмай. У краіне зарэгістравана каля двух дзясяткаў палітычных партый. Таксама Канстытуцыя замацоўвае этнічны і гендарны баланс пры размеркаванні пасадаў ва ўрадзе: 60 % — хуту, 40 % — тутсі; 30 % ад агульнага ліку пасадаў — жанчыны.

Урад складаецца з 19 міністраў і 7 віцэ-міністраў. Заканадаўчая ўлада належыць парламенту, які складаецца з Нацыянальнага сходу (ніжняя палата — 123 дэпутаты, старшыня — Геласе Нбаберабе (з 2020)) і Сената (верхняя палата — 43 дэпутатаў, старшыня — Рывер’ен Ндзікурыё).

Тым не менш, як і многія афрыканскія краіны, Бурундзі аказалася ў закладніках аўтарытарызму. Абраны ў жніўні 2005 прэзідэнтам П’ер Нкурунзіза стаяў на чале дзяржавы на працягу 15 гадоў да сваёй смерці ў чэрвені 2020. У палітычным жыцці з таго самага 2005 года дамінуе прапрэзідэнцкая партыя «Нацыянальны савет у абарону дэмакратыі — Сілы ў абарону дэмакратыі» (СНДД/ФДД), прадстаўнікі якой займаюць большасць урадавых крэслаў, ім належаць вышэйшыя пасады ў ключавых міністэрствах — знешніх зносін і міжнароднага супрацоўніцтва, унутраных спраў і грамадскай бяспекі, юстыцыі і фінансаў; а таксама большасць месцаў у парламенце, урадзе і органах мясцовага самакіравання. Іншадумства пераследуецца: так Жэрве Руфьікіры, старшыня Сената ў 2005—2015, вымушаны быў пакінуць пасаду, а затым краіну, пасля таго, як выступіў супраць замаху П’ера Нкурунзізы на трэці тэрмін.[8]

Найбольш уплывовыя апазіцыйныя партыі — Партыя за нацыянальны прагрэс (УПРОНА), якая прадстаўляе ў асноўным інтарэсы народнасці тутсі; Фронт за дэмакратыю ў Бурундзі (ФРОДНБУ) — адпаведна хуту. Інтарэсы радыкальна настроенай часткі тутсі адлюстроўвае Партыя нацыянальнага адраджэння (ПАРЕНА). Маецца таксама звыш дзясятка невялікіх партый, якія ў палітычным плане ў асноўным асацыююцца з УПРОНА і ФРОДНБУ.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

Бурундзі падзяляецца на 18 правінцый[9], у складзе якіх 117 камун падзяляюцца на 2638 collines. У перакладзе з дзяржаўнай французскай collines азначае «ўзгорак». Дарэчы, у рускай версіі Вікіпедыі так і скалькавана: «2638 холмов», аднак мы лічым мэтазгодным пакінуць найменне самай дробнай адзінкі без перакладу.

У 2000 годзе сталічныя правінцыя Бужумбура падзялілася на дзве правінцыі — Бужумбура-Мэры і Бужумбура-Рураль, што азначае Бужумбура гарадская і сельская адпаведна. У 2015 з дзвюх камун Бужумбуры-Рураль і трох камун правінцыі Буруры ўзнікла апошняя, 18-я правінцыя — Румонгэ.

Насельніцтва

Полава-ўзроставая піраміда Бурундзі, 2015

У 1950-м у Бурундзі жылі 2,5 млн чалавек, у 2020 — амаль 12 млн. Гэта азначае, што натуральны прырост насельніцтва Бурундзі такі ж высокі (2,85 % у 2020), як і паўсюль у Трапічнай Афрыцы.[10] На адну бурундзійку прыходзіцца ў сярэднім 5,3 дзяцей. Не дзіва, што асобы да 15 гадоў складаюць 44 % насельніцтва — гэта ўтрая-ўчацвёра вышэй за еўрапейскія паказчыкі, а сярэднестатыстычнаму жыхару краіны няма і 18 гадоў. Сярэдняя працягласць жыцця апошнім часам узрасла да амаль 67 гадоў, таму каэфіцыент смяротнасці ў Бурундзі адзін з самых нізкіх у свеце (усяго 6 ‰).

Дзеткі ў Бужумбуры

У этнічным складзе насельніцтва пераважаюць хуту (85 %), другі значны народ — тутсі, распаўсюджаны таксама тва. Дзяржаўныя мовы — французская і кірундзі (або проста рундзі, мова групы нігер-конга). У 2014 трэцяй дзяржаўнай мовай стала англійская.[11]

Больш за 80 % насельніцтва вызнаюць хрысціянства (у асноўным каталіцтва, 15-25 % — пратэстанты розных дэнамінацый), ад 2 да 5 % — мусульмане-суніты (пражываюць пераважна ў гарадах), астатнія бурундзійцы трымаюцца мясцовых традыцыйных вераванняў.

Цэнтральная вуліца Бужумбуры

Край адрозніваецца незвычайна высокай шчыльнасцю насельніцтва (больш за 400 чалавек на км²), у Афрыцы паказчык вышэй толькі ў суседняй Руандзе і на некаторых астравах. Жыхары размеркаваны па краіне даволі раўнамерна, але найбольш густа заселеныя поўнач і ўзбярэжжа возера Танганьіка. Узровень урбанізацыі вельмі нізкі — станам на 2019 у гарадах жыве ўсяго 13,4 % насельніцтва. Прычым, як гэта часта бывае ў краінах, што развіваюцца, роля сталічнай агламерацыі гіпертрафавана: у Бужумбуры і ваколіцах жыве больш за мільён чалавек — ледзьве не ўсё гарадское насельніцтва Бурундзі. Наданне сталічных функцый гораду Гітэга — старая сталіца і другі па велічыні (41 тыс.жыхароў) населены пункт краіны — мусіць прывесці да яго паскоранага росту.

Каля 32 % насельніцтва Бурундзі непісьменныя, і гэта пры тым што за пачатковы адрэзак ХХІ стагоддзя непісьменнасць значна скарацілася. Меней за 60 % дзяцей наведваюць пачатковую школу.

Эканоміка

90 % бурундзійцаў занята ў сельскай гаспадарцы

Бурундзі — аграрная краіна са слабаразвітай эканомікай, знаходзіцца ў ліку найменш развітых дзяржаў свету. Акрамя агульных для самага беднага рэгіёна свету праблем, яшчэ бяднейшай Бурундзі робяць адсутнасць выхаду да мора і значных прыродных рэсурсаў. Па ўзроўні ВУП на душу насельніцтва па ППЗ (2020) займае месца ад 185 па 190 (у залежнасці ад колькасці класіфікаваных краін у рэйтынгу), канкуруючы за апошні радок з ЦАР.[12] Чатыры пятых насельніцва краіны жывуць за рысай беднасці. Паступленне валюты залежыць ад умоваў надвор’я і сусветных цэнаў на каву і чай. Каля 40 % нацыянальнага прыбытку прыходзіцца на замежную дапамогу.

Рыбакі на Танганьіцы

Амаль 90 % працаздольнага насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы, якая складае каля 40 % ВУП і дзе вырабляецца каля 40 % экспарту.[13], пры тым, што большая частка сектару адносіцца да нетаварнай сельскай гаспадаркі. Асноўнымі культурамі з’яўляюцца: кава, чай, цукровы трыснёг, бананы, рыс, бавоўна, кукуруза. На возеры Танганьіка развіта рыбалоўства. Хуткі рост насельніцтва і адсутнасць адэкватнай зямельнай палітыкі прыводзяць да пастаяннага недахопу прадуктаў харчавання.

Прамысловасць развіта слаба, яе доля ў структуры ВУП складае каля 15 %, пераважае здабыўная галіна. З апрацоўчай маюцца заводы па вытворчасці сельгасінвентара, будматэрыялаў, а таксама дрэваапрацоўчы, мылаварны, шкляны, тэкстыльны і піваварны камбінаты.

Галоўнымі артыкуламі імпарту з’яўляюцца прадукты харчавання, аўтамабілі, нафтапрадукты і папера; экспартуюцца золата (43 % экспарту ў 2018), кава (у 2000-х яна давала 80 % валютных паступленняў), чай, цукар, руды каляровых металаў (волава, вальфрам ды цырконій), дрэва. Экспартная выручка складае 50 % ад выдаткаў на імпарт.

Гасцінец на Гітэгу. Заасфальтавана тут менш за 10 % дарог. А яшчэ бурундзіцы шануюць ровары

Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі з’яўляюцца краіны субрэгіёна, з далёкага замежжа — Бельгія, Францыя, Германія, Кітай, Саудаўская Аравія, Індыя. У 2010-х галоўным імпарцёрам для тавараў Бурундзі сталі Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, якія скупляюць усё золата.

Працягласць шашэйных і грунтавых дарог складае парадку 6 тыс. км. Суднаходства здзяйсняецца ў асноўным па возера Танганьіка і рэках яго басейна. Праз порт Бужумбуры на Танганьіцы ажыццяўляецца асноўная частка знешняга гандлю — тавары плывуць у танзанійскі азёрны порт Кігома, адкуль на чыгунцы трапляюць да акіяна. У Бужумбуры маецца аэрапорт міжнароднага класа — адзіны на ўсю краіну з асфальтавай УПП. Самы папулярны кірунак — Кігалі, сталіца суседняй Руанды. Асноўнымі авіяперавозчыкамі з’яўляюцца замежныя «Эфіопія эрлайнс», «Кенія эрвейс» і інш. Чыгуначная сетка адсутнічае. Ёсць план на далёкую перспектыву: злучыць чыгункай Бужумбуры з Кігалі і Кампалай з далейшым выхадам на Кенію.

Зноскі