Type a search term to find related articles by LIMS subject matter experts gathered from the most trusted and dynamic collaboration tools in the laboratory informatics industry.
Telegram | |
Распрацоўка | Telegram Messenger LLP |
---|---|
Апошняя вэрсія |
|
Напісаны на | C, C++ |
АС | Android, BlackBerry(en), iOS(en), Лінукс, Mac OS, Windows, Windows Phone |
Тып | кросплятформенны мэсэнджэр |
Ліцэнзія | карыстальніцкая |
Афіцыйная старонка | telegram.org |
Telegram (бел. Тэлеграм) — бясплатны кросплятформенны мэсэнджэр для смартфонаў ды іншых прыладаў для абмену тэкставымі паведамленьнямі ды мэдыяфайламі розных фарматаў. Выкарыстоўваецца прапрыетарная сэрвэрная частка з закрытым кодам. Telegram працуе на магутнасьцях некалькіх кампаніяў, якія фінансуюцца Паўлам Дуравым. Мэсэнджэр прапаноўвае магчымасьці end-to-end шыфраваньня[1].
Уліковы запіс карыстальніка прывязваецца да нумара тэлефона, што зьяўляецца адным з істотных аргумэнтаў крытыкаў Telegram, бо гэта не забясьпечвае поўнай ананімнасьці пры камунікаваньні. Колькасьць актыўных карыстальнікаў сэрвісу на люты 2016 год склала больш за 100 млн чалавек. Беларуская мова не даступная па змоўчаньні, але можна ўсталяваць уласнаручна[2]. 13 сьнежня 2020 году зьявіўся беларускі інтэрфэйс праграмы ў клясычным правапісе для настольных кампутараў[3].
Праект створаны Паўлам Дуравым, заснавальнікам сацыяльнай сеткі «Вконтакте». 14 жніўня 2013 году быў прадстаўлены першы кліент Telegram для прыладаў на плятформе iOS.[4]
У чэрвені 2020 году ў Расеі зьнялі абмежаваньне доступу да праграмы. Падчас пратэстаў у Беларусі 2020 году «Тэлеграм» стаў асноўным спосабам сувязі і доступу да СМІ Беларусі, у тым ліку да тых, чые вэб-бачыны заблякавала Міністэрства інфармацыі Беларусі[9]. У студзені 2021 году «Тэлеграм» усталявалі 63 млн разоў, што было ў 3,8 разы больш чым летась. У выніку праграма стала найбольш запампоўванай у сьвеце, у тым ліку на смартфонах з АС «Андроід». Прычынай стала масавая перабежка карыстальнікаў зь іншага мэсэнджэра «ЎотсАп» праз увядзеньне абавязковай перадачы асабістых зьвестак у сацсетку «Фэйсбук»[10].
За 2021 год «Тэлеграм» узьняўся з 3-га на 2-е месца паводле пашыранасьці ў сьвеце сярод мэсэнджэраў. На люты 2022 году праграма мела найбольшы ахоп насельніцтва ў Расеі, дзе знаходзілася на 2-м месцы паводле пашыранасьці — 36 %. Пры гэтым, у расейскай моладзі да 25 гадоў «Тэлеграм» займаў 1-е месца. Найбольш пашыранам мэсэнджэрам «Тэлеграм» быў у Беларусі, Армэніі, Бэльгіі, Камбоджы, Латвіі, Вэнэсуэле, Шры-Ланцы, Казахстане і Кыргызстане[9].
Для мэсэнджэра быў створаны пратакол MTProto, які базуецца на выкарыстаньні некалькіх пратаколаў шыфраваньня. Пры аўтарызацыі ды аўтэнтыфікацыі выкарыстоўваюцца альгарытмы RSA-2048, DH-2048 для шыфраваньня, пры перадачы паведамленьняў пратакола яны шыфруюцца AES з ключом, які вядомы кліенту ды сэрвэру. Таксама стасоўваюцца крыптаграфічныя хэш-альгарытмы SHA-1 ды MD5.
Бясьпека ад перахопу дасланых паведамленьняў з боку сэрвэру Telegram забясьпечваецца толькі ў рэжыме «таемных» чатаў (Secret Chats), даступным ад 8 кастрычніка 2013 году. Гэты рэжым рэалізуе шыфраваньне, пры якім толькі адпраўнік ды атрымальнік валодаюць агульным ключом (end-to-end шыфраваньне), з ужываньнем альгарытму AES-256 у рэжыме IGE (англ. Infinite Garble Extension) для дасланых паведамленьняў. У адрозьненьне ад звычайнага рэжыму, паведамленьне ў таемных чатах не дэшыфруюцца сэрвэрам, гісторыя ліставаньня захоўваецца толькі на тых дзьвюх прыладах, на якіх быў створаны чат.
Пры абмене файламі можна як дасылаць файлы з прылады, так і шукаць мэдыякантэнт у інтэрнэце (прі выкарыстаньні мабільных вэрсій для iOS або Android). Памер дасланых файлаў абмежаваны 1,5 Гб. Праграма выкарыстоўвае сыстэму дазапампоўваньня файлаў пасьля абрыву сувязі[4].
Маецца магчымасьць арганізоўваць мульцічаты да 200 удзельнікаў ды супэргрупы да 5000 удзельнікаў.
Пры дапамозе адмысловага API пабочныя распрацоўнікі могуць ствараць ботаў (адмысловыя акаўнты, якія кіруюцца праграмамі)[11]. Тыповыя боты адказваюць на адмысловыя каманды ў пэрсанальных ды групавых чатах, таксама яны могуць ажыцьцяўляць пошук у інтэрнэце або выконваць іншыя задачы.
Заснавальнік WhatsApp Ян Кум адзначаў, што ідэі, рэалізаваныя ў ягоным дастасунку, выкарыстоўваюцца ў Telegram[12].
Сэрвэры Telegram не захоўваюць паведамленьні з таемных чатаў, але захоўваюць гісторыю звычайных чатаў і зьмест адраснай кнігі карыстальнікаў на тэрмін выкарыстаньня сэрвісу і на тэрмін неактыўнасьці, пазначаны ў наладах акаўнта (ад аднаго месяца да году). Шыфраваньне, якое выкарыстоўваецца ў мэсэнджэры, не забясьпечвае PFS ва ўсіх выпадках.
Афіцыйныя кліенты Telegram па змоўчаньні актыўна дасылаюць усім кантактам мэтаінфармацыю ад адчыненьні ды зачыненьні дастасунку, пры гэтым падпісацца на гэтую мэтаінфармацыю можа любы карыстальнік. Для адключэньня такой расылкі патрабуецца зьмяніць налады акаўнта.
Таксама неаднаразова выказваўся сумнеў у бясьпецы пратаколу MTProto[13].