Type a search term to find related articles by LIMS subject matter experts gathered from the most trusted and dynamic collaboration tools in the laboratory informatics industry.
«С-400» | |
---|---|
Пускавая ўстаноўка на шасі «МЗКЦ-7930» (2022 год) | |
Тып | зэнітны ракетны комплекс |
Краіна паходжаньня | Расея |
Гісторыя выкарыстаньня | |
Пэрыяд выкарыстаньня | з 28 красавіка 2007 (17 гадоў таму) |
Выкарыстаньне | Беларусь, Індыя, Кітай, Расея, Турэччына |
Войны | Грамадзянская вайна ў Сырыі, расейскае ўварваньне ва Ўкраіну |
Гісторыя вытворчасьці | |
Канструктар | Аляксандар Ляманскі |
Дата стварэньня | 1999 (25 гадоў таму) |
Вытворца | «Алмаз-Антэй» |
Кошт адзінкі | 650 млн даляраў (2022 год) |
Вытворчасьць | зь 2007 году |
Адзінак створана | 556 пускавых установак (2022 год ) |
Характарыстыкі | |
Даўжыня | 12 669 мм[1] |
Шырыня | 3070 мм |
Вышыня | 3025 мм |
Дыямэтар | 519 мм (ракета) |
Экіпаж | 3 |
Асноўнае ўзбраеньне | ракета 40Н6Е |
Рухавік | 8-цыліндравы, V-падобны 368 кіляват (500 к.с.) |
Ёмістасьць загрузкі | 22,2 тоны |
Трансьмісія | аўтаматычная |
Падвеска | 4-восевая, незалежная, тарсійная |
Дарожны прасьвет | 40 см |
Ёмістасьць баку | 2х385 літраў |
Практычная далёкасьць | 1000 км (цягач)/400 км (ракета) |
Вышыня палёту | 27 км |
Хуткасьць | 60 км/гадз (цягач)/ 4800 м/с (ракета) |
Сыстэма кіраваньня | пульт |
Сыстэма стырнавога кіраваньня | гідраўлічны ўзмацняльнік, зьлева, 1 і 2 масты |
Дакладнасьць | адхіленьне да 30 мэтраў |
Плятформа запуску | шасі «МЗКЦ-7930» |
«С-400» — зэнітны ракетны комплекс, распрацаваны ў Расеі ў 1999 годзе і прыняты на ўзбраеньне ў 2007 годзе.
Працаваў на шасі «МЗКЦ-543», якое вырабляў «Менскі завод колавых цягачоў»[2], а таксама на шасі «МЗКЦ-7930». Саму ракету распрацаваў і вырабляў расейскі канцэрн «Алмаз-Антэй». Далечыня яе палёту сягала 400 км для паражэньня мэтаў на вышыні некалькіх кілямэтраў[3]. На 2022 год ЗРК «С-400» з 4-х адзінак тэхнікі каштаваў каля 650 млн даляраў[4].
Зэнітны ракетны комплекс «С-400» меў далечыню выяўленьня мэтаў да 600 км пры адначасным суправаджэньні да 300 іх трасаў. Найбольшая хуткасьць паражэньня складала 4800 м/с пры адначасным абстрэле да 36 мэтаў і навядзеньні да 72-х ракетаў. Далечыня паражэньня паветранай рухомай мэты складала ад 3-х да 250 км, а вышыня — ад 10 мэтраў да 27 км. Далечыня паражэньня тактычных балістычных мэтаў складала ад 5 да 60 км, а вышыня — ад 2-х да 27 км. Хуткасьць перамяшчэньня сваім ходам дасягала 60 км/гадз. па асфальтаванай дарозе, да 40 км/гадз. — па грунтовай дарозе і да 25 км/гадз. — па перасечаным бездаражы. Час разгортваньня з паходнага стану складаў 5 хвілінаў, а прывядзеньня ў баявую гатоўнасьць — яшчэ 3 хвіліны. Адна ўстаноўка магла адначасна абстрэльваць да 6 мэтаў. Тэрмін службы зэнітных кіраваных ракетаў складаў 15 гадоў, а наземных сродкаў — 20 гадоў з напрацоўкай да 10 000 гадзінаў да капітальнага рамонту[5].
Дывізіён «С-400» улучаў: пункт баявога кіраваньня з радыялякацыйным комплексам выяўленьня, да 6 ЗРК з радарам пры кожным і да 12 пускавых установак з ракетамі, усевышынны радар і перасоўную вышку для антэннага паста[5].
Са студзеня 1999 году па травень 2003-га на палігоне Капусьцін Яр у Астраханскай вобласьці Расеі праводзілі выпрабаваньні ЗРК «С-400». 28 красавіка 2007 году ўрад Расеі ўхваліў пастанову аб прыняцьці ЗРК на ўзбраеньне расейскага войска. 6 жніўня 2007 году першы дывізіён і камандны пункт заступілі на баявое дзяжурства ў Маскоўскай вобласьці[5].
На студзень 2008 году Ўзброеныя сілы Расеі ладзілі досьледнае выкарыстаньне зэнітных ракетных комплексаў «С-400» у войсках супрацьпаветранай абароны[6]. На вучэньні «Захад-2009» у Беларусь прывезьлі расейскі ЗРК «С-400», каб адпрацаваць сумесную супрацьпаветраную абарону[7]. На 2012 год для прыкрыцьця «С-400» на блізкай адлегласьці выкарыстоўвалі ЗРК «Тор»[8]. У верасьні 2013 году С-400 «Трыюмф» скарысталі на сумесных вучэньнях «Баявая садружнасьць», якія правялі на палігоне Ашулук у Астраханскай вобласьці з удзелам вайскоўцаў зь Беларусі, Казахстану, Кыргыстану і Таджыкістану[9]. На лістапад 2014 году Ўзброеныя сілы Расеі мелі на баявым дзяжурстве 16 дывізіёнаў «С-400» па 8 пускавых установак у кожным. Далёкасьць агню «С-400» складала 240 км пры магчымасьці абстрэльваць 36 цэляў адначасна. 27 лістапада Міністэрства абароны Расеі заключыла з войскам Кітаю кантракт на пастаўку 5 дывізіёнаў «С-400» за больш як 3 млрд даляраў[10].
30 лістападзе 2015 году «С-400» разгарнулі на расейскай базе Хмэймім у Сырыі[11]. 12 жніўня 2016 году 4-я армія ВПС і СПА Расеі (Растоў-на-Доне) даставіла С-400 «Трыюмф» у захоплены ва Ўкраіны Крым, дзе разьмясьцілі яе зэнітны ракетны полк. ЗРК прызначаўся для ўдзелу ў вучэньнях «Каўказ-2016»[12]. 14 студзеня 2017 году той С-400 «Трыюмф» заступіў на баявое дзяжурства пад Тэадосіяй[13]. Папярэдне ўвосень 2016 году С-400 разьмясьцілі ў Калінінградзкай вобласьці[14].
25 ліпеня 2017 году турэцкі прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган заявіў пра падпісаньне пагадненьня аб пастаўцы ЗРК «С-400» з Расеі. Сума пагадненьня складала 2,5 млрд даляраў[15]. 29 жніўня 2018 году расейскія войскі разгарнулі ў акупаваным Крыму 4-ы дывізіён ЗРК «С-400», чые разьлікі заступілі на баявое дзяжурства ў Джанкоі за 30 км ад Херсонскай вобласьці Ўкраіны[16]. 12 чэрвеня 2019 году турэцкі прэзыдэнт Эрдаган паведаміў пра заключэньне ўгоды аб аплаце «С-400» для пачатку дастаўкі ў ліпені[17]. 12 ліпеня Міністэрства абароны Турэччыны паведаміла пра пачатак пастаўкі па прылёце трох грузавых самалётаў на авіябазу Мюртэд. 16 ліпеня прыляцеў 11-ы самалёт. Пастаўку мелі завяршыць да красавіка 2020 году[18]. У кастрычніку 2019 году прайшлі сумесныя паветраныя вучэньні ўзброеных сілаў Расеі і Сэрбіі, падчас якіх разгарнулі «С-400»[19].
У верасьні 2021 году ў Гарадзенскім раёне Беларусі «С-400» заступілі на баявое дзяжурства пад расейскім кіраўніцтвам у рамках старэньня цэнтру сумеснай падрыхтоўкі[20]. 24 студзеня 2022 году ў Беларусь прыбылі 2 расейскія дывізіёны ЗРК «С-400» для ўдзелу ў вучэньнях «Саюзная рашучасьць-2022»[21]. 3 лютага іх накіравалі на палігон у Берасьцейскай вобласьці[22]. 4 лютага амэрыканскае спадарожнікавае прадпрыемства «Максар Тэхналёгіі» (штат Каларада) зрабіла фота ЗРК «С-400» на лётнішчы «Лунінец» каля беларуска-ўкраінскай мяжы[23]. 7 лютага падразьдзяленьні С-400 «Трыумф» з Далёкага Ўсходу Расеі заступілі на баявое дзяжурства ў складзе Адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расеі[24].
19 траўня 2022 году А. Лукашэнка заявіў пра набыцьцё «С-400» для Ўзброеных сілаў Беларусі[25]. 24 траўня Радыё «Свабода» паведаміла пра знаходжаньне па расейскім дывізіёне «С-400» на вайсковым лётнішчы «Зябраўка» на поўдні Гомельскага раёну і на пляцоўцы каля вёскі Прудок на захад ад Мазыра[26]. 14 ліпеня 2022 году прайшла першая трэніроўка дзяжурных сілаў СПА Беларусі з удзелам вайскоўцаў сумеснага навучальна-баявога цэнтру і разьлікаў «С-400»[27]. 27 жніўня Галоўная ўправа выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведаміла, што разьмешчаныя ў Беларусі расейскія «С-400» прыкрывалі бамбавікі «Ту-22М3», якія наносілі паветраныя ўдары крылатымі ракетамі па Ўкраіне[28]. 26 кастрычніка расейскі генэрал Андрэй Гурулёў, які быў дэпутатам Дзяржаўнай думы Расеі, прызнаў, што расейскія войскі пачалі страляць з «С-400» па наземных мэтах ва Ўкраіне з адхіленьнем да 30 мэтраў[29].
19 сьнежня 2022 году А. Лукашэнка паведаміў: «Мы сёньня паставілі на баявое дзяжурства комплекс С-400»[30].