FAIR and interactive data graphics from a scientific knowledge graph
Змест
Тынкоўка, або тынк — аддзелачны зацвярдзелы слой, утвораны будаўнічым растворам на паверхні канструкцыйных элементаў, частак будынкаў і збудаванняў. Тынкавальныя растворы звязваюцца вапнай, цэментам, гіпсам, глінай, магнезітам.
У сучасным будаўніцтве выкарыстоўваюць тынкоўкі:
- звычайную (для выраўноўвання паверхні агараджальных канструкцый),
- спецыяльную (водатрывалую і воданепранікальную, акустычную, рэнтгенанепранікальную, цеплаізаляцыйную, вогнезасцерагальную і інш.),
- дэкаратыўную (для павышэння эстэтычнай выразнасці будынкаў і збудаванняў у растворы дадаюць каляровыя і крышталічныя запаўняльнікі, мармуровы пясок, слюду, рознакаляровую шкляную крошку і каляровыя пігменты). Мастацкі эфект дэкаратыўнай тынкоўкі дасягаецца таксама рэльефнай апрацоўкай слоя каменячосным інструментам для імітацыі фактуры натуральнага каменю.
Беларусь
На Беларусі прататып тынкоўкі вядомы з жалезнага веку, калі сцены жытлаў абмазвалі глінай. У 12 ст. для аддзелкі фасадаў Дабравешчанскай царквы ў Віцебску выкарыстоўвалася спецыяльная дэкаратыўная абмазка-тынкоўка.
У канцы 15 — першай палове 16 ст. тынкоўка ўжывалася для аддзелкі асобных элементаў фасада (нішы, часткі шчытоў, франтонаў). У другой палове 16-17 стст. тынкавалі цалкам фасады будынка, а таксама ўнутраных сцены. Акрамя звычайнай роўнай і гладкай тынкоўкі ўжываўся і спосаб дэкаратыўнага аздаблення сцен будынкаў, заснаваны на выдрапванні верхняга слоя тынкоўкі да ніжніх кантрастных па колеры слаёў — сграфіта. Сродкам тынкоўкі на фасадах будынкаў імітавалася рустоўка, фактурнай тынкоўкай вылучаліся філёнгі. Тынкоўка часта пакрывалася зверху вапнай з мінеральнымі і некаторымі арганічнымі пігментамі (чырвоная і жоўтая вохра, свінцовы сурык, драўняны вугаль і інш.).
У сучаснай архітэктуры дэкаратыўная тынкоўка пашырана ў аздабленні фасадаў і інтэр'ераў жылых і грамадскіх будынкаў.
Літаратура
- Слоўнік дойліда. Архітэктура Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1993. — 75 с.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Тынкоўка